23
1. Узнікненне ісламу
Іслам з'яўляецца самай маладой сусветнай рэлігіяй. Ён узнік у VІІ ст. н.э., амаль на 600 гадоў пазней за хрысціянства і больш чым на 1000 - за будызм.
Зараз іслам - другая па колькасці сусветная рэлігія. Яго вызнае 1 мільярд чалавек, больш чым у 120 краінах свету, прычым колькасць прыхільнікаў ісламу інтэнсіўна павялічваецца, дзякуючы, у асноўным, традыцыйна высокай сярод іх ступені нараджальнасці. Асноўная колькасць мусульман жыве ў Заходняй, Паўднёвай, Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Афрыцы. У 28 краінах іслам з'яўляецца дзяржаўнай альбо афіцыйнай рэлігіяй (Ірак, Іран, Афганістан, Пакістан, Саудаўская Аравія, Егіпет, Марока і інш.).
Іслам узнік сярод арабаў на захадзе Аравійскага паўвострава, калі там ужо былі вядомы іўдзейскія і хрысціянскія погляды. Таму, разглядаючы абставіны ягонага фарміравання, трэба ўлічваць як сацыяльна-эканамічную сітуацыю, у якой знаходзіліся арабскія плямёны ў пачатку VІІ ст., так і ўплыў іншых рэлігій.
Даісламскія арабы - адзін са шматлікіх семіцкіх народаў, якія жылі ў гэтым раёне Бліжняга Усходу з даўніх часоў. Падзяляліся яны на качавыя плямёны, якія пераважна займаліся жывёлагадоўляй, а таксама гарадскіх арабаў, якія жылі за кошт гандлю, часткова рамяства і земляробства. Праз Меку, Ятрыб, Йемен, якія ў першыя стагоддзі н.э. уяўлялі сабой невялікія гарады-протадзяржавы, ішлі гандлёвыя шляхі з Індыі і Кітая ў Еўропу. Гэта давала прыбытак як гараджанам, так і качавым плямёнам, якія бралі плату за бесперашкодны праход караванаў праз свае тэрыторыі.
Аднак у другой палове VІ ст. гандлёвыя шляхі перамясціліся на поўнач Аравійскага паўвострава, што прывяло да крызісу ў былых цэнтрах гандлю, які закранаў таксама і качавыя арабскія плямёны. Таксама ў гэты перыяд узмацняецца небяспека захопу арабских гарадоў суседнімі моцнымі дзяржавамі, перш за ўсё Візантыяй і Іранам. 3'явілася патрэба ў моцнай дзяржаве, якая б аб'яднала плямёны і забяспечыла жыццядзейнасць арабскага грамадства. Напружанасць крытычнай сітуацыі знайшла свае выяўленне ў духоўных браджэннях, што паслужыла штуршком для ўзнікнення новай рэлігіі.
Большасць арабаў з даўніх часоў былі язычнікамі. Яны шанавалі Сонца, Луну, шматлікіх духаў пустыні, памёрлых продкаў. На поўдні Аравіі быў распадсюджаны фетышызм, які знайшоў сваё адлюстраванне ў кульце вялікіх пастаўленых на рабро камянёў. Найбольш знакамітым з іх быў Чорны камень у свяцілішчы Кааба ў Мецы. Ён меў кубічную форму: быў акружаны шматлікімі іншымі каменнымі фетышамі, якія сімвалізавалі розных племянных багоў і духаў і ўспрымаліся ўсімі арабамі як вышэйшы боскі сімвал. Мека з'яўлялася рэлігійным цэнтрам. Некалькі разоў у год, на святы, прадстаўнікі арабскіх плямёнаў наведвалі яе, каб ушанаваць сваіх багоў. Пры гэтым яны прадавалі свае тавары і куплялі тавары ў меканцаў, ад чаго апошнія мелі прыбытак. Даследчыкі лічаць, што шанаванне Чорнага каменя ў нейкай ступені адлюстравала ўзнікаючыя ў арабаў уяўленні аб вышэйшым бостве. Адной з крыніц гэтых уяўленняў былі монатэістычныя рэлігіі іудаізм і хрысціянства. Іудаізм існаваў у Аравіі ўжо амаль тысячагоддзе, асабліва ў гарадах, дзе жылі буйныя суполкі яўрэйскіх гандляроў. У Сірыі, Палестыне, Месапатаміі было шырока распаўсюджана хрысціянства. Апроч таго, побач былі такія хрысціянскія краіны як Візантыя і Егіпет. На рэлігійныя пошукі араба ў аказвалі таксама ўплыў ідэі зораастрызма, якія пранікалі з Ірана.
У VІ cт. сярод арабаў атрымаў распаўсюджванне рух ханіфаў - прарокаў-прапаведнікаў, якія заклікалі да адмаўлення ад язычніцкага політэізму і шанавання адзінага Бога. Падрабязных звестак аб дзейнасці ханіфаў і змесце іх пропаведзяў не захавалася, аднак вядома, што Бог, якога яны прапаведвалі адрозніваўся ад багоў іудзеяў і хрысціян. Дзейнасць ханіфаў паступова падрыхтоўвала пераход арабаў да монатэізму.
Заснавальнікам новай рэлігіі з'явіўся прарок Мухамед (каля 570 - 632 гг.). Аб яго жыцці вядома даволі шмат. Мухамед паходзіў з магутнага меканскага племені курэйшн. Ён рана асірацеў і спачатку пасвіў скаціну ў свайго дзядзькі Абу Таліба. Ёсць некалькі легенд аб дзіцячых гадах Мухамеда. Напрыклад, што аднойчы з'явіліся анёлы і ачысцілі ягонае сэрца ад грахоўных помыслаў. У 25 год ён ажаніўся на багатай удаве Хадзіджэ, у якой да гэтага служыў. Нягледзячы на даволі вялікую розніцу ва ўзросце (Хадзіджа была на 15 гадоў старэй), шлюб быў шчаслівы. У іх нарадзілася 6 дзяцей, але толькі любімая дачка Мухамеда Фаціма перажыла бацьку і пакінула нашчадкаў.
Пасля жаніцьбы на Хадзіджэ Мухамед перастаў займацца гандлем і прысвяціў сябе рэлігійным пощукам. На працягу некалькіх год ён праводзіў доўгія гадзіны на адной з гор каля Мекі. Хадзіджа з разуменнем ставілася да паводзін свайго мужа і не перашкаджала яму. Калі Мухамеду было каля 40 гадоў, яму сталі з'яўляцца нейкія духоўныя істоты і ён стаў чуць галасы, якія абвясцілі яго прарокам і загадалі пачаць прапаведаваць арабам адзінага Алаха (араб. «Боства»). Гэтыя прывіды наведвалі Мухамеда да канца яго жыцця, на падставе іх была створана свяшчэнная кніга ісламу «Каран''.
Спачатку на працягу трох гадоў Мухамед прапаведаваў толькі абмежаванаму колу блізкіх яму людзей. Першымі, хто падтрымаў Мухамеда ў якасці пасланніка Алаха былі Хадзіджа, яго стрыечны брат Алі, які ажаніўся на Фаціме і прыёмны сын Зейд. Потым да іх далучыліся паважаныя меканцы Абу Бакр, Амар, Асман, Хамза і інш. Аднак, калі Мухамед пачаў выступаць з адкрытымі пропаведзямі, большасць меканцаў сустрэла іх вельмі насцярожана. Абумоўлена гэта было тым, што ён адмаўляў усіх старых багоў апроч Алаха і сцвярджаў, што продкі курэйшытаў за сваё нявер'е гараць у пекле. Апроч таго, меканцы баяліся за свае эканамічныя інтарэсы: калі адмаўляюцца старыя багі, дык арабскія плямёны не будуць прыходзіць у Меку, каб іх шанаваць, а, значыць, не будзе гандлю і прыбытку. Узнікла пагроза жыццю Мухамеда і яго прыхільнікаў. Стала немагчыма далей займацца рэлігійнай дзейнасцю ў Мецы і Мухамед прымае запрашэнне жыхароў суседняга горада Ятрыб, адкуль была родам ягоная маці, перасяліцца да іх. Запрашэнне было абумоўлена тым, што ў Ятрыбе існавалі доўгія і заблытаныя канфлікты, і жыхары спадзяваліся вырашыць іх па арабскаму звычаю пры дапамозе аўтарытэтнага і непрадузятага трацейскага суддзі. У якасці такога суддзі і запрасілі Мухамеда, прызнаўшы тым самым аўтарытэтнасць яго як прарока.
Спачатку ў Ятрыб невялічкімі групамі ўпотай ад меканцаў перасяліліся прыкладна семдзесят сем'яў паслядоўнікаў Мухамеда, а потым у 622 годзе і ён сам са сваімі блізкімі. Меканцы праследавалі прарока, але ён паспеў схавацца ў пячоры. I, згодна з легендай, уваход у яе павук адразу ж заткаў павуцінай, чым падмануў пагоню.
Пераезд Мухамеда ў 622 годзе з Мекі ў Ятрыб, якая у хуткім часе стала называцца Медына (Горад Прарока), з'яўляецца пачаткам мусульманскага летазлічэння.
Жыхары Медыны, у якіх былі варожыя адносіны з Мекай, ахвотна прынялі Мухамеда, а наяўнасць у іх вялікай яўрэйскай суполкі зрабіла іх больш падрыхтаванымі да прыняцця новага вучэння. Хутка амаль усе медынцы зрабіліся паслядоўнікамі Мухамеда.
Менавіта ў Медыне адбылося канчатковае афармленне ісламу як рэлігіі. Адкрыцці, якія былі дасланы Мухамеду ў Медыне, змяшчалі заканадаўчыя нормы, вельмі патрэбныя для арабскага грамадства. Таксама тут адбываецца аддзяленне новай рэлігіі ад іудаізму і хрысціянства. Спачатку Мухамед наогул не настойваў на тым, што ён стварыў новае вучэнне. Ён выступаў за прызнанне адзінага Бога, які ў чымсьці быў падобны на іудзейскага і хрысціянскага, хаця яўна нагадваў вышэйшае боства Каабы. Усіх іудзеяў і хрысціян Мухамед ахвотна запрашаў далучыцца да яго і лічыў сваімі духоўнымі братамі. Паказальна, што спачатку Мухамед і ягоныя прыхільнікі маліліся ў бок Іерусаліма. Аднак іудзеі адмовіліся прызнаваць яго як прарока. Яны сталі адкрыта высмейваць тэалагічныя памылкі малапісьменнага Мухамеда і часта актыўна супрацьстаялі яму, падтрымліваючы Меку. У адказ Мухамед выгнаў два яўрэйскія кланы з Медыны, а мужчын трэцяга казніў. Маліцца было загадана ў бок Мекі.
Прыхільнікі Мухамеда стварылі ў Медыне сваю суполку, якая ў адрозненне ад традыцыйных для Аравіі рода-племянных аб'яднанняў будавалася на падставе не кроўнай роднасці, а рэлігійнага адзінства. Яна ўяўляла сабой тэакратычную арганізацыю, у якой Мухамед быў адначасова духоўным і свецкім кіраўніком.
У хуткім часе пад уплывам ісламскай суполкі Медыны аказалася амаль уся Паўднёвая і Заходняя Аравія. Большасць арабскіх плямёнаў прызналі ўладу Мухамеда добраахвотна, але ў некаторых выпадках ужывалася сіла. Восем гадоў цягнулася вайна Медыны з Мекай, поспех у якой паступова схіляўся на бок Мухамеда, тым больш што ў самой Мецы частка насельніцтва была тайнай прыхільніцай новай рэлігіі. У 630 г. Мухамед, не сустракаючы амаль ніякага супраціўлення, авалодаў Мекай і абвясціў яе свяшчэнным горадам мусульман, а храм Каабу - галоўным мусульманскім свяцілішчам. З Каабы былі выкінуты ўсе ідалы і пакінуты толькі Чорны камень. Калі да гэтага прыняцце ісламу лічылася асабістай справай кожнага, то пасля авалодання Мекай арабы былі пастаўлены перад выбарам - альбо іслам, альбо меч (смерць). Па сутнасці была абвешчана вайна язычнікам. Памірыўшыся з меканцамі, якія пачалі масава прымаць іслам, Мухамед працягнуў пашырэнне новай веры. У 632 г., калі ўсе аравійскія плямёны, якія раней шанавалі меканскую Каабу прынялі іслам, Мухамед памёр і быў пахаваны ў Медыне.
Пасля ягонай смерці ўзнікла пытанне аб тым, хто зараз узначаліць мусульман. Пры гэтым гаворка ішла не столькі аб духоўным лідэры, колькі аб кіраўніку вялікай дзяржавы, якая паступова складвалася. Мухамед не пакінуў распараджэнняў аб сваім пераемніку. Перадача ўлады ў спадчыну выключалася таму, што ў Мухамеда не засталося дзяцей мужчынскага полу, таму быў абраны прынцып выбарнасці намеснікаў прарока (халіфаў). Першым халіфам быў абраны Абу Бакр, які працягнуў распаўсюджванне ісламу.
Менавіта пры Абу Бакры быў пакладзены пачатак арабскім заваяванням іншах народаў, мэтай якіх было абвешчана распаўсюджанне ісламу. Набегі на суседзяў з'яўляліся звычайным заняткам арабскіх плямёнаў, і першыя халіфы выкарсталі ваенную энергію арабаў ў рэлігійных мэтах. Гэты шлях адпавядаў і ісламскім уяўленням аб джыхадзе - свяшчэннай вайне за веру і імкненням да ваеннай здабычы, якая ўжо пры Мухамедзе зрабілася галоўнай крыніцай даходу мусульманскай суполкі.
Першыя ж набегі былі вельмі паспяховымі. Дзве вялікія імперыі, якія існавалі ў тыя часы - Візантыйская і Персідская - знаходзіліся ўжо 50 год у стане вайны і былі вельмі аслабденымі. Апроч таго, народы, якія іх засялялі, ненавідзелі цэнтральныя ўлады і сустракалі арабаў як вызваліцеляў. За кароткі час мусульмане заваявалі каласальную тэрыторыю - ад Індыі да Іспаніі. На заваяванай тэрыторыі была створана дзяржава - Арабскі халіфат, свецкая і дзяржаўная ўлада ў якой належала халіфам.
Трэба адзначыць, што альтэрнатыва «альбо іслам альбо меч» ставілася мусульманамі толькі перад язычнікамі. Хрысціяне ж і іудзеі, якіх яшчэ Мухамед называў «людзьмі Пісання», бо яны верылі ў адзінага Бога і мелі свяшчэнныя кнігі, атрымалі статус «ахоўваемых меншасцяў» і маглі вызнаваць свае рэлігіі. Аднак для немусульман былі ўстаноўлены значна большыя падаткі, чым для мусульман, і таму паступова адбываецца ісламізацыя заваяваных народаў. Зараз іслам распаўсюджаны ў асноўным у краінах, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў склад Арабскага халіфата.
2. Веравывучэнне і культ ісламу
Іслам як і хрысціянства - гэта рэлігія адкрыцця. Лічыцца, што асноўныя палажэнні яго веравучэння не з'яўляюцца вынікам чалавечых разважанняў, але былі адкрыты Мухамеду самім Алахам праз пасрэдніцтва архангела Джабраіла. Сукупнасць гэтых адкрыццяў складаюць галоўную свяшчэнную кнігу ісламу - Каран (араб. куран - дэкламаванне, чытанне ўголас). Гэта зборнік пропаведзяў, якія былі сказаны Мухамедам галоўным чынам у Меке і Медыне паміж 610 і 632 гг. Бліжэйшыя паплечнікі Мухамеда, які быў сам непісьменным, запісвалі для сябе асобныя ўрыўкі пропаведзяў, але ў цэлым, згодна з існуючай на Усходзе традыцыяй, Каран перадаваўся вусна. Запісаны ён быў пасля смерці Мухамеда паміж 650 і 656 гг. былым сакратаром Мухамеда Зейдам па даручэнні халіфаў Абу Бекра і Амара. Паралельна з ім гэтай працай займаліся і іншыя, таму з'явілася 4 варыянты Карана. Амар даручыў Зейду звесці іх да адзінай рэдакцыі, і калі гэта было зроблена, першапачатковыя версіі спалілі, а зводны тэкст быў афіцыйна кананізаваны. Таму зараз усе кірункі ў ісламе карыстаюцца адным варыянтам Карана.
Страницы: 1, 2, 3