Рефераты. Барацьба за стварэнне Беларускай дзяржаунасци 1917-1920гг.

Рада і Народны Сакратарыят БНР, якія спрабавалі дамагчыся падтрымкі ўрада Германіі, звярнуліся да германскага імператара з тэлеграмай, у якой дзякавалі за вызваленне Беларусі, прасілі дапамагчы ў стварэнні яе дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй.

Палітычны крызіс БНР. Надрукаванне 3-яй Устаўнай граматы і пасылка тэлеграмы імператару Германіі выклікалі ў БНР востры палітычны крызіс. Са складу Рады выйшлі гарадская група, прадстаўнікі Бунда, Аб'яднаная яўрэйская сацыялістычная партыя. БСГ -- раскалолася. Утварыліся новыя партыі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Лідэрамі БСДП былі А. А. Смоліч, Б. А. Тарашкевіч, Я. Ю. Лёсік, А. У. Прушынскі, С. А. Рак-Міхайлоўскі, А. Луцкевіч, I. Луцкевіч. Яе праграма прадугледжвала рэфармісцкае пераўтварэнне капіталістычнага ладу грамадства ў сацыялістычны. Задача нацыяналізацыі прамысловасці не ставілася. Зямлю меркавалася перадаць сялянам для арганізацыі на ёй дробных працоўных гаспадарак. Памешчыкам мелася на ўвазе захаваць разумную норму карыстання зямлёй. Высоўвалася патрабаванне аб'яднання ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў у незалежнай БНР.

Кіруючае ядро БПС-Ф склалі: Я. Я. Варонка, А. I. Цвікевіч, К. Б. Езавітаў, В. У. Захарка, А. I. Аўсянік, П. А. Крэчэўскі, I. М. Серада. 3 заявы партыі выцякала, што ў аснову яе светапогляду і тактыкі былі пакладзены інтарэсы і імкненні працоўных мас. Партыя патрабавала канфіскацыі буйных землеўладанняў і стварэння на гэтай падставе “беларускага нацыянальнага зямельнага фонду”, росту прамысловай вытворчасці і паступовай перадачы яе ў рукі народа. Працягваючы лінію БСГ, яна ставіла сваёй задачай вызваленне беларускага народа ад нацыянальнага прыгнечання шляхам стварэння сусветнай федэрацыі, у якой беларуская дэмакратычная рэспубліка павінна стаць састаўной адзінкай.

I БСДП, і БПС-Ф на першае месца ставілі нацыянальнае пытанне І толькі пасля яго рашэння разлічвалі прыступіць да сацыяльных пераўтварэнняў. Абедзве партыі былі нешматлікімі, іх сацыяльнай базай была беларуская інтэлігенцыя.

Арганізатарамі БПС-Р былі: Т. Грыб, П. Бадунова, Я. Трафімаў, Я. Мамонька, А. Маркевіч, В. Русак, М. Шыла, Н. Козіч і інш. Яе сацыяльнай базай з'яўляліся беларуская інтэлігенцыя і сялянства. БПС-Р прэтэндавала на авангардную ролю ў беларускім руху. Патрабаванні яе зводзіліся да ўстанаўлення “дыктатуры працоўных”, сацыялізацыі зямлі, кааперыравання сялянства, незалежнай беларускай рэспублікі ў этнаграфічных межах. Пры станоўчых адносінах да акта 25 сакавіка 1918 г. аб абвяшчэнні незалежнасці БНР яна настойвала на яе “юрыдычным прызнанні” Усебеларускім Устаноўчым з'ездам.

Члены БПС-Р Т. Грыб, П. Бадунова, А. Карач выйшлі са складу Народнага Сакратарыята, але разам з членамі Рады БНР М. Пашковічам, Н. Козічам, М. Шыла, Я. Мамонькам і інш. заставаліся ў Радзе, як непрымірымая апазіцыя. Пасля адстаўкі I. Серады і А. Смоліча члены Народнага Сакратарыята, якія засталіся, склалі свае паўнамоцтвы.

У Радзе БНР месцы гарадской групы занялі прадстаўнікі культурных, прафесіянальных і навуковых беларускіх арганізацый, ад Бунда, СС і ЕС -- Мінскай яўрэйскай абшчыны. У выніку Рада стала кааліцыйным органам з перавагай кансерватыўных сіл. Зрух БНР управа і адстаўка Народнага Сакратарыята станоўча ўспрымаліся нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй. Не без яе рэкамендацыі фарміраванне новага складу Народнага Сакратарыята было даручана буйному памешчыку Р. А. Скірмунту. У сваёй, заяве на пасяджэнні Рады 9 ліпеня 1918 г. апошні паведаміў, што будзе працаваць “у цесным кантакце з акупантамі, Ярмо акупацыі хоць і цяжкае, але з ім неабходна мірыцца, як з непазбежным злом”.

Яго перагаворы з прадстаўнікамі партый, якія працягваліся амаль 2 месяцы, не прывялі да станоўчага выніку. Палітычны крызіс паглыбляўся. Не знайшоў з яго выйсця і I. Серада, які пасля правалу місіі Скірмунта спрабаваў сфарміраваць урад. Левае крыло Рады, якое раней выступала супраць Варонкі, змяніла сваю пазіцыю і аб'ядналася з цэнтрам, які называлі “фракцыяй былых міністраў”. Новай фракцыі належала большасць месц у Радзе. Яна ўзняла пытанне аб накіраванні дэлегацый у Маскву і Берлін.

Пасля падпісання Савецкай Расіяй і Германіяй 27 жніўня 1918 г. Дадатковага дагавора, згодна якому германская армія вызваляла тэрыторыю Беларусі да р. Бярэзіны, надзеі БНР на ўмацаванне сваёй улады з дапамогай Германіі пачалі згасаць. Радзе БНР трэба было думаць не столькі аб “беларускай дзяржаве” ад Беластока да Смаленска і ад Вільні да Чарнігава, колькі аб выратаванні маёнткаў, фальваркаў і прадпрыемстваў, абароне інтарэсаў памешчыкаў і капіталістаў ад савецкай улады. Класавыя інтарэсы нацыянальнай буржуазіі выступалі на першы план, нацыянальныя справы сталі цікавіць менш.

Рада БНР, якая моцна чаплялася за ўладу, у мэтах пошуку падтрымкі накіравала шэраг дэлегацый у Германію, Швейцарыю, ЗІПА, на Міжсаюзніцкую нараду ў Ясах. Аднак яна не знайшла нідзе ўзаемаразумення. Антанта і ЗША не маглі прызнаць БНР, паколькі гэта садзейнічала б умацаванню становішча Савецкай Расіі: яе прызнанне буржуазнымі дзяржавамі пазбаўляла б апошніх магчымасці мець непасрэдную граніцу Захаду з Савецкай Расіяй. БНР, якая ведала аб сімпатыях беларускага народа да Савецкай краіны, не магла весці барацьбу супраць Саветаў. Яна баялася, што правядзенне актыўнай антысавецкай палітыкі можа прывесці да падзення ўлады правай часткі нацыянальнай буржуазіі. У абставінах, якія склаліся, Англія, Францыя, ЗША палічылі за лепшае не прызнаваць БНР, пакінуць граніцу адкрытай, мець вароты для ўварвання ў Савецкую Расію. У мэтах умацавання свайго становішча Рада БНР 9 кастрычніка 1918 г. прыняла пастанову аб павелічэнні свайго складу да звыш 100 дэлегатаў за лік прыцягнення правых сіл, прадстаўнікоў праваслаўнага і каталіцкага духавенства, а некалькі пазней -- Народны Сакратарыят быў пераўтвораны ў Раду народных міністраў. Новаўвядзенні не спрыялі росту палітычнага прэстыжу Рады БНР. Як і раней, яе падтрымлівалі толькі Саюз землеўладальнікаў і Мінскае аддзяленне Мікалаеўскага праваслаўнага брацтва. Адносіны да Рады дробна буржуазных партый прыкметна астылі, а народ яе зусім не заўважаў.

Рэвалюцыя ў Германіі і стварэнне ў германскай арміі Саветаў салдацкіх дэпутатаў змянілі адносіны немцаў да беларускага народа. Іх погляды былі накіраваны да падзей унутры Германіі. У Еўропе з-за германскай рэвалюцыі складалася новая палітычная сітуацыя.

У. I. Ленін шукаў магчымасці скарыстаць дадзеныя абставіны ў інтарэсах Савецкай Расіі, супраць Антанты і ЗША. Ён меркаваў, што ў партыі сацыял-дэмакратаў, якая аб'ядноўвала найбольш дэмакратычных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, зацікаўленых і ў сацыяльным, і ў нацыянальным вызваленні Беларусі, можна будзе знайсці саюзнікаў у барацьбе супраць самавызначэння Беларусі на буржуазнай падставе. Інтарэс Леніна да гэтай партыі быў абумоўлены і тым, што яе лідэру Антону Луцкевічу было даручана фарміраванне ўрада БНР. А. Луцкевіч быў запрошаны ў Маскву для перагавораў аб удзеле сацыял-дэмакратычнай партыі ў Беларускім савецкім урадзе, які мелася на ўвазе стварыць пасля поўнага вызвалення Беларусі ад акупацыі нямецкімі інтэрвентамі.

Ведаючы аб нежаданні Германіі вырашаць беларускае пытанне без удзелу Савецкага ўрада і ўлічваючы нетрываласць пазіцыі. БНР у народных масах Беларусі, А. Луцкевіч таксама прыйшоў да вываду аб неабходнасці паездкі ў Маскву. Па запрашэнню Савецкага ўрада ў другую дэкаду лістапада 1918 г. ён прыбыў для перагавораў.

У лістападзе 1918 г. у Маскву прыязджаў таксама і Т. Грыб для таго, каб наладзіць кантакт з камуністычным цэнтрам. Ён вёў перагаворы і са Сталіным. Для наладжвання сувязей з Белнацкомам у Маскву ў розны час прыязджалі А. Карач, Я. Мамонька і іншыя беларускія эсэры.

Маскоўскія перагаворы А. Луцкевіча з урадам РСФСР не былі завершаны. Было ўмоўлена, што яго бліжэйшыя саратнікі па партыі -- члены Прэзідыума Рады БНР і міністры -- пасля адыходу нямецкіх акупантаў з Мінска застануцца ў горадзе, каб завяршыць пачатыя ў Маскве перагаворы. Але калі 10 снежня 1918 г. Чырвоная Армія ўступіла ў Мінск, у горадзе ўжо не было членаў Рады БНР, за выключэннем прадстаўнікоў партыі сацыял-дэмакратаў: старшыні Рады Я. Ю. Лёсіка, членаў Рады А. М. Уласава, А. А. Смоліча, В. А. Іваноўскага, А. У. Прушынскага і інш. Па нявысветленых прычынах у Мінску не застаўся А. I. Луцкевіч, які ў апошні час паехаў у Вільню. Магчыма, што менавіта ў апошні момант невядомыя нам абставіны прымусілі Луцкевіча змяніць сваю пазіцыю. I ён, мабыць, не паспеў нават абмеркаваць новую сітуацыю са сваімі калегамі па партыі -- членамі Рады і міністра -- выехаў з Мінска. Таму перагаворы не былі даведзены да канца.

У абставінах адыходу арміі інтэрвентаў Рада народных міністраў БНР у 4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 г. заклікала беларускі народ да захавання парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Новая Грамата не садзейнічала ўмацаванню становішча Рады. Была зроблена спроба стварэння палітычнага цэнтра без Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партый, прафесійных арганізацый і фарміравання на гэтай падставе органаў краявой улады. Але кіраўнікі гэтых арганізацый не змаглі вырашыць пытанне аб уладзе. Прадстаўнікі левых арганізацый, якія расчараваліся крызісам БНР, схіліліся да сумеснай работы з савецкай уладай.

Нешматлікую беларускую буржуазію не падтрымлівалі не толькі рабочыя, працоўныя сяляне, але і дробнабуржуазныя пласты, што працавалі ў земствах, гарадскіх думах, кааператывах, знаходзіліся ў згодніцкіх партыях. Народ быў гатовы патрабаваць ад іх адказу за згодніцтва або, як пісаў Я. Варонка, “паквітацца з імі”.

Уцякаючы ў Вільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступлення супраць савецкай улады, якая аднаўлялася, да абароны БНР, да “ўсеагульнага грамадзянскага шчасця” і стварэння на месцах “беларускіх Саветаў”, якія павінны падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоў для гэтага не было.

Адноўленая пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў савецкая ўлада карысталася даверам большасці насельніцтва. “Мы ўпэўнены ў сваёй сіле,-- адзначалася ў рэзалюцыі агульнага сходу сялян Маньковіцкай воласці Вілейскага павета,-- і не дапусцім над намі ніякага насілля з боку капіталу”.

Сход сялян Палтаўскай воласці Дзісненскага павета ў пастанове ад 15 снежня 1918 г. заявіў, што “пасля 9-месячнага нямецкага ярма і ўлады памешчыкаў мы ўсімі сіламі будзем падтрымліваць Савецкую ўладу і бязлітасна змагацца з контр-рэвалюцыянерамі ўсіх масцей”. Сход паслаў прывітанне У. I. Леніну, СНК, УЦВК Саветаў. Спроба беларускай буржуазіі здзейсніць нацыянальнае самавызначэнне на буржуазна-дэмакратычнай аснове поспехам не ўвянчалася. Палітычны крызіс настолькі глыбока паралізаваў Раду БНР, што вырвацца з яго яна не змагла. Крок, які зрабіла ўправа, да саюза з буржуазна-памешчыцкімі партыямі і арганізацыямі, яшчэ больш ускладніў становішча. Даверыцца сацыялістычным партыям буржуазія не магла. У сацдэмакратаў была магчымасць знайсці выхад з крызісу на падставе маскоўскіх перагавораў, але акружэнне Рады не магло адказацца ад палітычнага курсу, які праводзіўся, і пайсці на пагадненне з Савецкай Расіяй. Шанц, які з'явіўся, быў упушчаны. Альянс партый і арганізацый, які склаўся вакол Рады ва ўмовах нямецкай інтэрвенцыі, распадаўся.

Спатрэбіліся гады, каб пад уздзеяннем паспяховага аднаўлення народнай гаспадаркі, культурнага будаўніцтва ў БССР, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі, сістэматычнай растлумачальнай работы А. Р. Чарвякова, У. М. Ігнатоўскага, 3. X. Жылуновіча і іншых актыўных дзеячаў урада БССР, крытычнага аналізу свайго палітычнага вопыту на працягу амаль васьмі гадоў былыя кіраўнікі БНР прынялі пастанову аб ліквідацыі ўрада, які яны прадстаўлялі. У выніку абсалютная большасць беларускіх дзеячаў вярнуліся ў БССР. Аднак надзеі іх не апраўдаліся. Яны сталі аднымі з першых ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Некаторыя: А. I. Луцкевіч, С. А. Рак-Міхайлоўскі і інш., знаходзячыся ў Заходняй Беларусі, актыўна змагаліся за яе ўз'яднанне з БССР. А такія, як П. А. Крэчэўскі, Я. А. Мамонька, Т. Грыб і інш., засталіся на ранейшых пазіцыях

Выкарыстаная літаратура.

1. ОПУБЛИКОВАНО: Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн.: Беларусь, 1995. С. 51-65.

Страницы: 1, 2, 3



2012 © Все права защищены
При использовании материалов активная ссылка на источник обязательна.